Сёння адным з галоўных напрамкаў работы ва ўстановах адукацыі з’яўляецца грамадзянска-патрыятычнае выхаванне.
Без ведання сваіх вытокаў немагчыма па-сапраўднаму палюбіць родны край, яго спадчыну, стаць патрыётам.
Выхаванне грамадзяніна, патрыёта неабходна ажыццяўляць праз вывучэнне сваіх каранёў, традыцый свайго народа.
Школьны этнаграфічны музей з’яўляецца адной з формаў дадатковай адукацыі ва ўмовах адукацыйнай установы, якая развівае актыўнасць, самастойную дзейнасць навучэнцаў у працэсе збору, даследвання, апрацоўкі, прапаганды матэрыялаў – крыніц па гісторыі роднага краю, якія маюць выхаваўчую і даследчую каштоўнасць.
У верасні ў музеі прайшло мерапрыемства “Зямлі Мсціслаўскай гонар”, прысвечанае Максіму Гарэцкаму. Вучні 5-9 класаў з цікавасцю пазнаёміліся з жыццём і творчасцю пісьменніка. Старшакласнікі абмяркоўвалі словы, якія завяшчалі старажылы галоўнаму герою твора “Роднае карэнне”: “Каб быць моцным, нельга адракацца родных каранёў”. І тыя “жыццёвыя ўрокі” дзеда Яхіма Архіпу ўзялі на заметку: “…Першае, што скажу я табе, гэта – чытай… у кніжках і ў разумных людзей пытайся, як жылі даўней нашыя тутэйшыя людзі…”
Адраджэнне нацыянальнай культуры ўскалыхнула цікавасць грамадскасці да фальклору, народных свят і абрадаў.
Нам удалося запісаць у вёсцы Паўднёвае Бялішчана Мсціслаўскага раёна абрад “Перапяканне дзіцяці”. Жыццё нашых продкаў было поўнае абрадаў і павер’яў, многія з якіх мелі ў сабе рацыянальнае зерне, але былі і даволі дзіўныя абрады. Усе памятаюць злую Бабу Ягу, якая садзіла Піліпку на лапату і адпраўляла ў печ. На самай справе – гэта адгалосак старадаўняга абраду “Перапяканне дзіцяці”, які нягледзячы на сваю старажытнасць, існаваў у нашай мясцовасці ў 60-х гадах 20 стагоддзя.
Сабраны матэрыял быў даследаваны і прадстаўлены ў пастаноўцы. Вучням было вельмі цікава шукаць інфармацыю пра гэты абрад, ствараць і ўдзельнічаць тэатралізаваным прадстаўленні.
раскрыть » / « свернуть