Мэты: знаёмства вучняў з асаблівасцямі святкавання Калядаў; выхаванне цікавасці да спадчыны свайго народа - традыцый, абрадаў, звычаяў.
Дзейныя асобы: калядоўшчыкі, Гаспадар, Гаспадыня, Каза, Цыган, Цыганка, Мядзведзь, Кабыла, Музыка, Баба Яга, Яшчар.
1-ы калядоўшчык ( стукаючы ў дзверы ). Ой, ці дома гаспадар? Ці дома гаспадыня?
Гаспадар. Дома, дома, сталы дубовыя накрываем, гасцей дарагіх чакаем.
Гаспадыня. Праходзьце, госцейкі доўгачаканыя, калядкамі званыя!
Шырока адчыняюцца дзверы, заходзяць усе калядоўшчыкі. Яны нясуць упрыгожаную зорку.
2-і калядоўшчык(кланяецца гаспадарам).
Добры вечар, шчодры вечар, добрым людзям на ўвесь вечар!
3-і калядоўшчык. Добры вечар таму, хто ў гэтым даму!
4-калядўшчык. Нам не хочацца чакаць. Загадайце калядаваць.
Гаспадар і Гаспадыня(разам). Просім! Просім! Калі ласка,пачынайце!
5-ы калядоўшчык. Мы вашага двара не абмінаем, са светлым Раством велічаем!
1-ы калядоўшчык. Бачым, агні гараць. Сталы стаяць пазасціланыя.
2-і калядоўшчык. Сталы пазасціланыя, а на іх пірагі павыпяканыя.
3-і калядоўшчык. І хоць вы адсеяліся даўно, але дазвольце і нам пшанічку пасеяць.
Калядоўшчыкі(разам). Сеем, сеем, пасяваем, шчасця, радасці жадаем!
(Адзін з калядоўшчыкаў сее пшаніцу, шчодра сыпле на стол, на печ, на падлогу.)
4-калядўшчык. (гучна) А цяпер - калядная , пачынальная, для гаспадароў велічальная!( Спяваюць.)
Калядоўшчыкі ( разам ).
Ішла Каляда калядуючы,
А за ей моладзь жартуючы.
Цётка Наста на ляду
Рассыпала “каляду”.
Цётачка, не гуляйце,
Вы “калядку” падбірайце,
Маладосць успамінайце,
Як спявалі , як гулялі,
Як зімой калядавалі.
5-ы калядоўшчык. А яшчэ з дарогі дальняй гаспадару велічальную! (Спяваюць .)
Калядоўшчыкі ( разам)
Едуць, едуць Калядкі,
Вязуць бліны й аладкі-
Святы вечар!
На сівенькім канёчку.
Маляваным вазочку –
Святы вечар!
Гаспадар нас прывячае,
Усе вароты адчыняе –
Святы вечар!
Будзе радасць вам за гэта:
Ураджай і добра лета –
Святы вечар!
Гаспадар і Гаспадыня (разам). Дзякуй,дзякуй за словы добрыя! За пажаданні прыемныя!
Цыганка. Ой, вы слаўныя ды харошыя, як медныя грошы, ці вытрымаюць вашы масніцы, ці не лопнуць, каб нам добра паскакаць, яшчэ й моцна топнуць?
Гаспадар і Гаспадыня (разам). Скачыце, і старых, і маладых павесяліце.
1-ы калядоўшчык (гучна).
Эх, Калядка, разыдзіся,
Па вуглах разбяжыся!
( Усе танцуюць польку-трасуху, якая, бы мяцеліца, кружыць у вясёлай віхуры па хаце.)( Тым часам Цыган ужо прадае гаспадару кабылу.)
Цыган. (гучна). Купі, гаспадар, кабылу,паўсвету пройдзеш, а такой не знойдзеш. Купі!
( Кабыла, стаміўшыся з дарогі, падае пасярод хаты.)
Цыган. А – я-яй! Вось дык дзіва, у цябе, гаспадар, прапала кабыла, праз гэту чэсць давай рублёў шэсць, ды , каб устала, дай ёй шматок сала, а каб з хаты на сваіх пайшла, дай, гаспадарок, мяш
Гаспадар. Ты, як бачу, мастак карункі плясці, мне ж за аўсом далёка ісці. Але на вось грошы, каб заўсёды быў шлях твой харошы.
Гаспадыня. Вось і разабраліся, нібы на кірмашы. Людзі добрыя, госці чаканыя. Адкуль вы да нас завіталі?
2-і калядоўшчык. А мы людзі не простыя, мы з далёкага краю, з шэрай Казою лета здабываем.
3-і калядоўшчык.Ад зімы да лета ідзём, усім шчасце,здароўе і радасць нясём.
4-калядоўшчык. (гучна) Гэй, Козачка, шэрая, пакажыся, павярніся, добрым людзям пакланіся!
Гаспадар. А няхай яна паскача, усіх нас павесяліць!
( Пад вясёлую музыку ўбягае Каза. Яна весела скача, бадаецца і брыкаецца. Усе пачынаюць вадзіць карагод, спяваюць песню.)
Калядоўшчыкі ( разам ).
Го – го –го, Каза,
Каза шэрая,
Дзе Каза ходзіць,
Там жыта родзіць,
Дзе Каза рогам –
Там жыта стогам.
Дзе Каза нагою –
Там жыта капою.
Дзе каза хвастом –
Там жыта кустом.
( Каза паважна ходзіць у сярэдзіне карагода. Раптам яна валіцца на падлогу, нібы памірае.)
Гаспадар. Ой, людзі добрыя, што ж гэта робіцца, то Кабыла валіцца на бок, то Каза падае?
5-ы калядоўшчык. А што ж гэта будзе? Без яе і сонейка да нас не завітае, вясна-красна не прыйдзе, ураджаю добрага не будзе. (плача).
Цыганка. А я ведаю, гаспадарок, што Козачцы трэба: каўбаскі в віток ды бохан хлеба.
1-ы калядоўшчык А яшчэ, каб упрыгожыць ёй рожкі, начапі на іх, гаспадынька, па піражку.
2-і калядоўшчык. А яшчэ будзе Каза сытай, як паесць добра жыта. І каб хутчэй падымалася, трэба, каб мёдам пачаставалася.
( Гаспадыня частуе Казу, тая, крышку паеўшы, весела ўскоквае.)
(Усе спяваюць)
Калядоўшчыкі ( разам ).
Ой, Калядачкі, бліны-ладачкі,
Ой -ля- лёшанькі, ой-ля-ля!
Калядкі блізка, каўбаскі нізка.
А Калядачкі набліжаюцца,
Ой - ля- лёшанькі, ой-ля-ля!
А каўбасачкі падніжаюцца,
Ой - ля- лёшанькі, ой-ля-ля!
Такіх святачак ды з дзесятачак,
Ой - ля- лёшанькі, ой-ля-ля!
Гаспадар. Дзякуй,госці дарагія, з вамі і мы памаладзелі. Але штосьці музыкі не чуваць, хіба музыкі за цёплай печкай задрамалі.
Музыка. Ды тут мы, паважаны гаспадар, зараз пацешым вас мелодыяй вясёлай.
Цыган. Ай-яй-яй! А людцы добрыя, а мы ж Міхайлу замарозілі, у двары прывязаўшы. Ай-я-яй!
Гаспадар. Які гэта Міхайла замёрз у нашым двары?
Цыганка. У цёмным двары мы мядзьведзя сустрэлі, да вас прывялі.
( Цыган пад музыку вядзе Мядзеведзя, той рыкае, усе палохаюцца.)
Цыган. Ну , хопіць, Міхайла , палохаць усіх. Лепш првыітайся з людзьмі. ( Мядзеведзь вітаецца пклонам)
Цыган. Міша, а ці пакажаш ты нам , як п яныдзядзька дамоў валачэцца?
( Мядзведзь, хістаючыся, ходзіць па крузе)
Цыган. Я ведаю,Міхайла, як ты любіш музыку, і хоць ў народзе кажуць, што няздатны ты да скокаў, але гэта няпраўда. Музыкі, калі ласка, “цыганачку”!
( Гучыць мелодыя вясёлага танца. Мядзведзь, танцуючы за цыганку , смешыць гасцей і гаспадароў.)
Каза. Дзякуй нашым артыстам за танец. Цяпер просім гаспадароў дазвол даць, каб ў цікавую гульню пагуляць.
Гаспадыня. Калі ласка, гуляйце, сваіх звычак, традыцый не забывайце.
Каза. То будзем гуляць у “ Яшчара”.
Усе( разам ). Згодны. Давайце пагуляем.
Каза. Хто ведае гэту гульню?
3-і калядоўшчык. Я ведаю. Выбіраем Яшчара, і ўсе, хто хоча пагуляць, даюць Яшчару якую-небудзь рэч: насовачку,пярсцёнак,грэбень ці іншае. Рэч гэтая будзе называцца вяночкам, які абавязкова трэба забраць у Яшчара. За вяночак ён загадае спець, паскакаць, загадку загадаць ці то каго пацалаваць. Не адкупішся – застанешся з Яшчарам.
( Выбраны Яшчар сядзіць у крэсле, усе спяваюць яму песню, водзячы карагод.)
Усе ( разам ).
Яшчар, Яшчар, паночак,
Проша аддаць вяночак,
Ой, я ж яго руціла,
Пару злотых плаціла,
Пару злотых чырвоных
За вяночак зялёны,
Два конікі-іржакі,
Два музыкі-казакі,
Дзве шабелькі ясныя,
Дзве паненкі красныя.
(Яшчар, не гледзячы, бярэ хусцінку і кажа: “Гаспадару ці гаспадыні гэтага вяночка трэба спець, іначай вяночак застанецца ў мяне, а гэта дрэнна – шчасця не будзе.”)
Гаспадыня ( выходзячы). Ды ўжо ж спяю, пан Яшчар.
( Спявае).
Цячэ вада каламутна.
Чаго, дзеўка, ходзіш смутна!
Я не смутна, не сярдзіта-
Я была ўчора біта.
Біла мяне маці з ночы
За Івана кары вочы.
Шчэ й, казала, будзе біці,
Як яго буду любіці.
Гаспадар. Малайчына, Настчка, адкупілася ад Яшчара.
Яшчар (аддае “вяночак” Гаспадыні і прыгаворвае, паглядаючы на дзяўчат).
Сядзіць Яшчар на залатым крэсле,
На шчаслівым месцы,
Якую паненку палюблю,
Такую і ўхаплю.
( Кідаецца лавіць дзяўчат, тыя разбягаюцца.)
Яшчар (беручы рэч). А за гэты прыгожы” вяночак” падбяры скорагаворкі, што скаціліся з узгорка.
1-ы калядоўшчык.
Цябе, Яшчар, не баюся,скорагаворкайадкуплюся.
Пераелі, перапілі, пералушчылі,
Перапалолі, перамалолі, ператрушчылі.
Спакойна кроп палоў Пракоп,
Лёг пад кропам і захроп. (Смех).
Цыганка (дастае з рэшата некалькі сухіх травінак, раглядае іх). А жыць вам, мае брыльянтавыя, доўга ды зладжана – так, як гэтыя доўгія і пераблытаныя паміж сабою сухія травінкі. А каб у вас было чыста ў хаце, не вадзіліся, крый Божа, нячыстае і дрэннае, няхай наша Баба Яга абмяце сваёй чароўнай мятлой чатыры куты вашай хаты. Бабуля, дзе ты падзелася? Здаецца, толькі скакала “Кадрылю”.
(Усе шукаюць Бабу Ягу. Яна спіць на палку каля печы )
Баба Яга (пацягваецца). Вой. Як змарыў мяне сон у цёплай хаце. А я ж працую на холадзе. Добра, абмяту я вашу хату, бо бачу, людзі вы добрыя, харошыя.
(Абмятае мятлой вуглы, пераскоквае на мятле з кута ў кут пад музыку).
3-і калядоўшчык ( з паклонам ). Дзякуй гэтаму дому, ці не пара нам ісці к другому?
4-ы калядўшчык. Дзякуй вашай хатцы, ці не пара вымятацца?
5-ы калядоўшчык. Каб вы здаровыя былі, каб Бог падоўжыў вам гады!
1-ы калядоўшчык. Каб пшаніца і жыта ўрадзілася!
2-і калядоўшчык. Ды жывёла заўсёды вадзілася.
3-і калядоўшчык. Каб радзілі памідоры, агурочкі, а гаспадары цвілі, што кветкі ў садочку!
Каза (сыплючы жытам). А я сыплю жыта на шчасце, на здароўе, на доўгае жыццё! А крынічкай вады, каб не зналі бяды, ды трошкі солі, каб не зналі нашчадкі кепскае долі!
4-ы калядўшчык. А цяпер хутчэй дарыце, нас не марыце!
5-ы калядоўшчык. Бо кароткія світкі, памерзлі лыткі.
Цыган. Кароткія кажушкі, павылазяць душкі.
Цыганка. Гаспадынька, не скупіся, пірагамі адары нас.
Баба Яга. Нясі сала, ды нямала! А ў мяшэчку, каб не траска, ты накінь яшчэ каўбаску!
( Гаспадары кладуць пачастункі гасцям у торбу.)
Усе (разам). Дзякуй вам за пачастункі, за сардэчныя дарункі. Пойдзем мы калядаваць, усіх са святам вітаць!
Гаспадар і Гаспадыня (разам).
Шчасліва хадзіце,
Здаровы бывайце,
У наступным годзе
Зноў завітайце!
Музыка (гучна). Вясёлая, адыходная, шчодрая, калядна-паходная!
( Пад музыку выходзяць.)разгарнуць » / « згарнуць